Назоўнік і яго лексіка-граматычныя разрады
Назоўнік характарызуецца як часціна мовы са значэннем прадметнасці, выражанай марфалагічнымі катэгорыямі роду, ліку, склону. Паняцце прадметнасці ахінае не толькі найменні канкрэтных рэалій рэчаіснасці, але і назвы адцягненых рэалій, якасцяў, дзеянняў, прыкмет, працэсаў, з’яў, уласцівасцяў і інш. Катэгарыяльнае значэнне прадметнасці не можа служыць адэкватным адпаведнікам канкрэтнай прадметнасці, што служыць асновай для выдзялення толькі аднаго класа назоўнікаў (канкрэтныя назоўнікі тыпу стол, кніга, дрэва і да т.п.). Па сутнасці, значэнне прадметнасці ўяўляецца лексічнай катэгорыяй, якая афармляецца пэўнымі граматычнымі паказчыкамі, таму назоўнікі правамерна называюць лексіка-граматычным разрадам слоў. Асабліва відавочным лексіка-граматычны характар назоўнікаў праяўляецца пры іх класіфікацыі на ўжо згаданыя разрады, што традыцыйна вылучаюцца з улікам і лексіка-семантычных, і марфалагічных крытэрыяў (адушаўлёныя і неадушаўлёныя, канкрэтныя і абстрактныя, агульныя і ўласныя, зборныя, рэчыўныя). Межы гэтых разрадаў назоўнікаў перакрыжоўваюцца, бо адны і тыя ж словы звычайна ўключаюцца адначасова ў некалькі груп. Напрыклад, адны адушаўлёныя назоўнікі могуць быць ахарактарызаваныя і як уласныя, і як абстрактныя (параўн.: Алесь, Яніна, Сымон і да т.п.), другія – як агульныя і як канкрэтныя (параўн.: цясляр, дзяўчына, маці і інш.).
Сярод уласных імёнаў вылучаюцца імёны людзей (параўн.: Скарына, Купала, Каліноўскі і інш.), тапанімічныя і астранамічныя назвы (параўн.: Гродна, Нарач, Сатурн і інш.), найменні прадпрыемстваў, арганізацый выдавецтваў, назвы гатункаў, вырабаў і інш.(параўн.: завод “Віцязь”, выдавецтва “Полымя”, каманда “Дынама”, тэлевізар “Гарызонт” і да т.п.). У адрозненне ад агульных назоўнікаў уласныя ўжываюцца, як правіла, у адной форме ліку, часцей у адзіночным, не супрацьпастаўляюцца па ім (параўн.: Спартак, Брэст , але Баранавічы і горад/ гарады, дождж / дажджы і інш.). У множным ліку могуць ужывацца ўласныя імёны, якія адносяцца, напрыклад, да розных людзей (параўн.: два Сымоны, сям’я Пратасавых і інш.).
Ва ўзаемасувязях агульных і уласных імёнаў існуе адваротная залежнасць: агульныя імёны часцей выкарыстоўваюцца ў значэнні ўласных, пэўным чынам матывуюць іх (параўн.: Колас і колас, Крапіва і крапіва, Танк і танк і інш.), у той час як уласныя імёны ўжываюцца ў значэнні агульных значна радзей (параўн.: форд, наган, хам і інш.; гл.: КУРИЛОВИЧ 1962, 264). На пісьме ўласныя назвы адрозніваюцца ад агульных тым, што пішуцца ў беларускай мове заўсёды з вялікай літары.
Канкрэтныя і абстрактныя назоўнікі размяжоўваюцца тым, што ў першых граматычная і лексічная прадметнасць супадае, тады як у другіх адзначаецца толькі граматычная прадметнасць. Але канкрэтныя назоўнікі абазначаюць не толькі ўспрымальныя нашымі органамі пачуццяў прадметы (параўн.: канапа, куст і да т.п.), але і больш ёмістыя рэаліі, калі нашымі органамі пачуццяў фіксуецца толькі іх частка (параўн.: рака, снег і да т.п.). Абстрактныя назоўнікі абазначаюць адцягненыя паняцці, пачуцці, якасці, прыкметы, дзеянні (параўн.: свабода, каханне, дабрыня, блакіт, гарачыня і да т.п.), не спалучаюцца, як правіла, з лічэбнікамі і рэдка выкарыстоўваюцца ў форме множнага ліку. Абстрактныя назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі –у, (-ю), а іх канкрэтныя адпаведнікі -а, (-я) (параўн.: бою, характару і інш. і пальца, дывана і інш.).
У некаторых выпадках мяжа паміж канкрэтнымі і абстрактнымі назоўнікамі не з’яўляецца выразнай, што прыводзіць да іх неадназначнай граматычнай характарыстыкі. Так слова канікулы ў беларускай мове разглядаецца як канкрэтнае (гл.: БЕЛАРУСКАЯ ГРАМАТЫКА 1985, 55), а ў блізкароднаснай рускай мове – як абстрактнае (гл.: СОВРЕМЕННЫЙ РУССКИЙ ЯЗЫК 1971, 167). Абстрактныя назоўнікі па свайму ўтварэнню часта з’яўляюцца аддзеяслоўнымі ці адпрыметнікавымі (параўн.: хваляванне, чырвань і да т.п.). Канкрэтны або абстрактны характар пэўных назоўнікаў часам можа вызначацца кантэкстам. Так, у сказах Праз вёску пралягала грунтовая дарога і Ён удала выбраў сваю жыццёвую дарогу слова дарога ў першым выпадку мае канкрэтнае значэнне, а ў другім – абстрактнае.
Падзел назоўнікаў на адушаўлёныя і неадушаўлёныя заснаваны на семантычным крытэрыі, бо адушаўлёныя назоўнікі звычайна абазначаюць жывых істот, а неадушаўлёныя – нежывыя прадметы, паняцці, падзеі, прыкметы і інш., прычым дадзены сэнсавы крытэрый падмацоўваецца марфалагічнымі паказчыкамі (гл.: БУЛАХОВСКИЙ 1978, 65): у адушаўлёных назоўнікаў форма вінавальнага склону множнага ліку супадае з родным склонам, а ў неадушаўлёных – з формай назоўнага склону (параўн.: бачыць студэнтаў, але бачыць кнігі і да т.п.). Неабходна аднак заўважыць, што зазначаны моўны паказчык часам не супадае з прыроднымі характарыстыкамі адпаведных прадметаў, бо адушаўлёнымі назоўнікамі могуць абазначацца, напрыклад, нежывыя людзі (параўн.: нябожчык, тапелец, мярцвяк і інш.), або віртуальныя, міфічныя істоты, дэманы (параўн.: чорт, вядзьмак, русалка і інш,), або шахматныя фігуры, цацкі, ігральныя карты (параўн.: ферзь, лялька, козыр і да т.п.). Неадушаўлёнымі ж назоўнікамі называюць расліны, мікраарганізмы (параўн.: клён, грыб, чарот, бацыла і да т.п.), якія з біялагічнага пункту гледжання з’яўляюцца жывымі. Згодна з граматычным крытэрыем да неадушаўлёных назоўнікаў адносяцца абазначэнні сукупнасцей людзей ці іншых жывых істот (параўн.: полк, натоўп, статак, касяк, табун і інш.) . У пэўных кантэкстах неадушаўлёныя назоўнікі могуць набываць значэнне адушаўлёных (параўн.: узяць языкоў у сэнсе палонных і да т.п.).
(Полная версия реферата в файле для скачивания)


спасибо!!!!очень классные
спасибо!!!!очень классные шпоры
Спасибо)
Спасибо)
Отправить комментарий